Новости

  • Интернат в Паричах и две сельские библиотеки проданы под жилье

    Нежилое здание площадью 301 кв. м в Паричах выставлялось на аукционные торги 6 раз. Последний аукцион 11 сентября 2014 года оказался удачным: на него зарегистрировалось 3 участника и в результате торгов начальная цена продажи имущества выросла с 3 базовых величин до 78,4 млн. рублей. Недвижимость приобретена физическим лицом с целью реконструкции под жилое помещение. 23 сентября […]

  • «Химик» выиграл у «Минск-2″ со счетом 3:2

    9 ноября в Минске состоялся матч 28-го тура Первой лиги между «Химиком» и «Минск-2″. Наша команда победила со счетом 3:2. Первыми на 19 минуте встрече гол забили футболисты столичного клуба. На 48 минуте Дмитрий Харитончик из «Химика» сравнял счет, а на 57 — вывел команду вперед. Через 11 минут, на 68 минуте, счет снова сравнялся […]

  • Сколько получают водители и кондукторы в автопарке?

    Таблица с данными о зарплатах водителей и кондукторов филиала «Автобусный парк №5 г. Светлогорска» опубликована в социальной сети «Одноклассники». Из нее следует, что в августе 2014 года зарплата водителей городских автобусов составляет порядка 6,377 млн рублей, загородных — чуть больше 6 млн., а зарплата кондукторов — 4,621 млн рублей. Но пользователь porsche caenovih, опубликовавший фотографию, пишет, что […]

  • «Химик» одержал победу на «Полоцком» со счетом 6:0

    В перенесенном матче 17-го тура «Химик» разгромил «Полоцк» со счетом 6:0. Матч состоялся 23 октября на стадионе «Бумажник» в присутствии 300 зрителей. Голы забили: 1:0 — Архипцев (40). 2:0 — Жданович (60). 3:0 — Лепин (70). 4:0 — Лепин (79). 5:0 — Котин (82). 6:0 — М.Дашук (90+3, с пенальти). comments powered by HyperComments Теги: Бумажник, молния, Полоцк, […]

  • «Школьный базар» состоится в субботу 23 августа

    23 августа 2014 года с 10.00 до 15.00 в районе городского Центра культуры состоится ярмарка «Школьный базар – 2014». Будет организована — распродажа одежды школьного ассортимента; — демонстрация одежды для школьников; — культурно-развлекательные мероприятия для детей; — продажа кулинарных и кондитерских изделий, прохладительных напитков и мороженого, продукции ОАО «Жлобинский мясокомбинат». Источник: «Светлагорскія навіны» comments powered […]

Светлагоршчына ў часы Вялікага княства Літоўскага


XIII ст. — трагічны і адказны перыяд у лёсе ўсходняга славянства, у тым ліку і беларусаў. Па іх землях раз-пораз каціліся мангола татарскія нашэсці, з захаду напады рабілі крыжакі. А ў дадатак — феадальныя міжусобіцы і войны. Знешняй агрэсіі і ўнутраным разладам паспяхова супрацьстаяць магла толькі моцная цэнтралізаваная дзяржава. Таму на абшарах Беларусі пачаўся працэс аб’яднання асобных княстваў. Цэнтрам кансалідацыі стала летапісная Літва. Яна размяшчалася паміж асноўнымі этнічна-беларускімі землямі — Полацкай, Турава Пінскай і Наваградскай.
На пачатку працэсу збірання асобных княстваў у адну дзяржаву галоўнай дзеючай асобай стаў князь Міндоўг. У 1240-ых гадах ён, ратуючыся ад унутраных разладаў на радзіме, змушаны быў перабегчы ў Наваградак. Прыняў тут хрысціянства. Неўзабаве феадалы Наваградка абралі Міндоўга сваім служылым князем. 3 дапамогай наваградцаў ён падпарадкаваў Літву. Войшалк, сын Міндоўга, здолеў падначаліць суседнія балцкія землі — Дзяволтву і Нальшчаны. Неўзабаве ўладу Наваградка прызналі Полацк і Менск. Такім чынам, аб’яднанне Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы, Полацкага і Пінскага княстваў вакол Наваградка стала першым этапам у збіранні Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) — дзяржавы з поліэтнічным насельніцтвам, у якой дзевяць дзесятых насельніцтва былі нелітоўцамі.
У склад Вялікага княства Літоўскага тэрыторыя сучаснай Светлагоршчыны ўвайшла ў перыяд княжання Гедыміна (1316 1341). На мяжы 1330 1340-ых гадоў наш край перайшоў ва ўладанне вялікага князя ВКЛ Альгерда і яго брата Кейстута.
Вялікае княства Літоўскае, маладая яшчэ дзяржава, шмат рабіла для таго, каб спыніць мангола-татарскую экспансію на беларускія землі. У 1240-ыя гг. у нізоўях Волгі хан Батый заснаваў сваё царства пад назвай «Залатая Арда». Распачаў набегі на ўсходнеславянскія землі. Усе славянскія княствы, праз якія прайшлі воіны Батыя, апынуліся ў васальнай залежнасці ад Арды. Найчасцей мясцовыя князі ўлады не пазбаўляліся, але абавязаны былі ва ўсім слухацца хана і плаціць даніну. Нельга пэўна адказаць на пытанне, ці плацілі даніну мангола-татарам жыхары тагачаснай Светлагоршчыны. Але, як мяркуецца, паўднёвая частка нашага краю ўваходзіла ў Рэчыцкую воласць Чарнігаўскага княства. А Чарнігаў, як і Кіеў, зведаў разбурэнні стэпавікамі, быў ад ардынцаў у васальнай залежнасці. Большая ж частка нашага краю, верагодна, уваходзіла ў Мінскае княства, якое менш, чым Кіеўскае і Чарнігаўскае, пацярпела ад мангола-татараў.
У сярэдзіне XIII ст. войскі ВКЛ сустрэліся са стэпавікамі ў нізоўі Прыпяці і нанеслі ім паражэнне.
Наступная бітва адбылася ў 1259 г. у мясцінах, блізкіх ад Светлагоршчыны. Супраць ардынцаў разам з войскамі ВКЛ тады выступілі таксама валынскія, галіцкія, чарнігаўскія дружыны. Пэўную дапамогу аказалі князі смаленскія і нават наўгародскія. Цалкам верагодна, што ўдзел у гэтай бітве бралі і насельнікі тагачаснай Светлагоршчыны.
Аб’яднанае войска нанесла ардынцам цяжкае паражэнне. Вось як апавядаецца пра тое ў адным з летапісаў: «…княжата за всеми войсками особами своими прибыли или на помочь уважаючи сполную от татар небезпечность, злучившися весном тым охотней до обозу тягнулы, где сам царь (Кордан) лежал за Мозырем над рекою Окуневкою, там же битву сшедшиеся, окрутную оточили з обусторои, которая споранку ажсь до вечера трывала, наостаток татары уцекаты почали, а Литва и Русь тыле смелей разогнаных и уцекаючих татаров били, громили, секли, кололи, в реках топили, ин наголову оныне великие войска нагайские крымские над рекою Окуневкою поразили. Сам царь Кордан в малой дружине ледве уцекал до своей земли, а Литва и Русь полоны забрали и з великим и славным звитязтвом до своих сторон вернулися…»
Войскам Вялікага княства Літоўскага бараніць сваю зямлю ад татарскіх нашэсцяў давялося таксама ў 1275, 1277, 1287, 1315, 1325, 1338 гг. Але найбольш славутая і жорсткая бітва адбылася ў 1362 г. на рацэ Сінія Воды — левым прытоку Паўднёвага Буга. Войска княства на чале з вялікім князем Альгердам разбіла татарскіх ханаў Кутлубуга і Хачэбоя. Ад татар былі вызвалены і далучаны да ВКЛ абшары Кіеўскага княства і Падолле.
…Збіранне беларускіх зямель у адну дзяржаву мела прагрэсіўнае значэнне. Феадалы былі зацікаўлены ў моцнай уладзе, якая магла бараніць іхнія інтарэсы. Насельніцтва, якое цярпела ад феадальнай анархіі і спусташальных набегаў знешніх ворагаў, таксама разлічвала на такую абарону. Да таго ж найчасцей аб’яднанне насіла добраахвотна-дагаворную аснову. Аўтаномнасць зямель, асабліва на першым часе, прадугледжвала нават абмежаванне судовай улады намеснікаў вялікага князя літоўскага і ваявод.
Але пры пераемніку вялікага князя Альгерда — князю Ягайле, які пачаў правіць у 1377 г., становішча змянілася. Беларускія феадалы, і ў першую чаргу паўднёвай часткі Беларусі, пачалі губляць ранейшую незалежнасць і манапольнае становішча, адчулі — іхні ўдзел у агульнадзяржаўным кіраванні даволі абмежаваны.
Вялікае княства Літоўскае сутыкнулася з сур’ёзнымі цяжкасцямі. Расла пагроза з боку тэўтонцаў. Маскоўскі князь, які адчуў моц і ўпэўненасць пасля перамогі над мангола-татарамі на Куліковым полі (верасень 1380 г.), распачаў ваенныя дзеянні, накіраваныя на тое, каб забраць пад «сваю руку» шэраг былых зямель Старажытнай Русі, якія на той час знаходзіліся ў межах ВКЛ. Вось як сведчыць пра тое «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»: «…Дмитрий, великий князь московский… умыслил под Литвою Киевское, Витебское и Полоцкое князство войною доходити, обецуючи… Литву огнем и мечем звоевати…»
Гэта, а таксама палітыка Рыма, які не жадаў стварэння на ўсходзе Еўропы магутнай праваслаўнай дзяржавы, бо бачыў пагрозу сваім інтарэсам, прымушала Ягайлу шукаць моцнага саюзніка. Ім стала Польшча. Саюз з ёй Ягайла замацаваў дынастычным шлюбам. Ён ажаніўся на польскай каралеве Ядвізе і атрымаў каралеўскі трон. У 1387 г. Ягайла прыняў каталіцтва, стаў Уладзіславам. 3 гэтага часу ў Вялікім княстве Літоўскім пачало мяняцца сацыяльна-прававое становішча беларускіх зямель. Феадальная знаць каталіцкага веравызнання (у большасці літоўскага паходжання) атрымала неабмежаванае права валодання і распараджэння сваімі вотчынамі. Але ж гэтыя прывілеі Ягайлы-Уладзіслава не распаўсюджваліся на тых феадалаў, якія былі праваслаўнымі і вялі радаслоўную з беларускіх, украінскіх і рускіх зямель.
Да пагаршэння становішча і простага насельніцтва праваслаўнага веравызнання прывяла Крэўская унія, якая была заключана паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай у 1385 г. Стварыліся ўмовы для каталіцкай экспансіі ў беларускія землі. Стаўшы католікам, Уладзіслаў Ягайла жадаў акаталічвання і праваслаўнага насельніцтва Вялікага княства. На гістарычна беларускіх землях пашыралася каталіцкае землеўладанне.
У XIV XVI стст. на тэрыторыі сучаснай Светлагоршчыны, як і наогул на Палессі» пераважным тыпам паселішчаў былі невялікія вёскі (сёлы) і хутары.
Сяляне з’яўляліся асабіста залежнымі, зваліся «людзьмі», «мужыкамі», «падданымі». Асноўнай вытворчай ячэйкай сельскай гаспадаркі з’яўлялася гаспадарка селяніна, якая ў пісьмовых крыніцах гэтага часу называлася «дым». Гаспадаркі адной вёскі (сяла) складалі суседскую сельскую абшчыну. Некалькі блізкіх адна да адной вёсак, якія належалі аднаму феадалу (пану), утваралі валасную абшчыну. Кожная сялянская гаспадарка валодала зямельным надзелам, які даваў феадал — уласнік зямлі. Надзелы гэтыя звычайна перадаваліся ў спадчыну. Сялянскія дзеці, да якіх пераходзіла зямля бацькоў (вотчына), называліся «отчычамі». Сяляне не мелі права на перадачу зямлі ў часовае і пастаяннае ўладанне шляхам закладу (заставы), продажу ці іншых здзелак. Для гэтага патрабаваўся дазвол феадала (пана).
Амаль да канца XV ст. жыхары Светлагоршчыны былі абавязаны плаціць сваім феадалам сельскагаспадарчай прадукцыяй — збожжам, мёдам, курамі, сенам, футрам і г. д. Яны зваліся людзьмі «даннымі». Адзінкай абкладання з’яўляўся «дым». Апроч гэтага члены сельскіх і валасных абшчын (валашчане) неслі перад феадаламі і калектыўную адказнасць. Пэўная колькасць «даннікаў» звалася «дольнікамі», бо ў якасці даніны павінны былі аддаваць феадалу чацвёртую частку (долю) атрыманага ўраджаю.
Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры — збожжавыя, бабовыя, лён, каноплі, агародніна. Прымяняўся трохпольны севазварот: папар, азімае жыта, яравыя. Пры такім архаічным трохполлі ворыва дзялілася на тры часткі. Нешта засявалася, а большасць трохполля заставалася аблогай.
Жыхары тагачаснай Светлагоршчыны, як і паўсюдна на Беларускім Палессі, стараліся пашыраць свае сельскагаспадарчыя ўгоддзі: раскарчоўвалі плошчы, якія былі над лесам і хмызнякамі. Феадалы спрыялі таму, бо былі зацікаўлены ў павелічэнні сваіх маёнткаў. На пэўны час сяляне нават вызваляліся ад павіннасцей.
3 сярэдзіны XV ст. адбылося прыкметнае ўзмацненне сувязей сельскай гаспадаркі з унутраным і знешнім рынкамі. Гэта прывяло да працэсу паступовага пераходу феадалаў ад эксплуатацыі сялян шляхам спагнання даніны сельскагаспадарчай прадукцыяй да сістэмы адработак ці грашовай формы рэнты. Але на Светлагоршчыне сістэма адработак і грашовая форма рэнты не маглі мець шырокага распаўсюджання. Па-першае, не было буйных маёнткаў. Па-другое, развіццю гандлю перашкаджала вялікая забалочанасць мясцовасці, аддаленасць нават ад такіх гарадоў, як Бабруйск і Рэчыца.
У другой палове XV ст. на паўднёвых межах Вялікага княства Літоўскага з’явіўся моцны і небяспечны вораг. Ім з’яўлялася Крымскае ханства. Як дзяржава яно ўтварылася ў выніку распаду некалі магутнай Залатой Арды, войскі якой неаднойчы прыносілі гора і разруху і на Беларускае Палессе. Крымскія ханы і татарская вярхушка ў нападах на землі суседзяў і рабаўніцтве іх бачылі асноўную крыніцу для свайго існавання. Крымчакоў надта вабілі багатыя абшары паўночнага суседа — Вялікага княства Літоўскага. Больш таго, у 1480 г. крымскі хан Менглі-Гірэй і маскоўскі ўладар Іван III заключылі пагадненне аб сумеснай барацьбе супраць ВКЛ. Гэта была палітычная змова, накіраваная на аслабленне Вялікага княства.
Удары крымчакоў у першую чаргу зведалі паўднёвыя тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага — Падолле, Валынь, Кіеўшчына і Ноўгарад-Севершчына. Не мінала і года, каб на абшары Вялікага княства не нападалі войскі Крымскага ханства.
У 1482 г. крымчакі захапілі Кіеў. Спалілі Пячэрскі манастыр, абрабавалі Сафійскі сабор, які ўяўляў сабой святы ню ўсіх праваслаўных Вялікага княства Літоўскага. 3 канца XV ст. крымскія татары распачалі набегі і на тэрыторыю сучаснай Беларусі.
У 1500 г. паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай успыхнула вайна. Галоўныя сілы ВКЛ знаходзіліся на ўсходзе дзяржавы, дзе вяліся баявыя дзеянні з Масквой. Беларускае Палессе засталося, па сутнасці, без абароны. Гэта не мінулі скарыстаць крымчакі. Яны спустошылі Бабруйскую воласць у 1502 і 1503 гг. Тое ж самае адбылося і ў 1505 г., калі тры сыны Менглі-Гірэя — Махмет-Гірэй, Біці-Гірэй і Бурнас са сваім войскам пераправіліся праз «татарскія брады» каля Лоева. Пачаўся самы спусташальны набег на абшары Беларусі. Гора было вялізным. Руйнаваліся вёскі, мястэчкі і гарады, нішчылася насельніцтва. Тыя ж, каго татары пакідалі жывымі, забіраліся найчасцей у палон.
У 1506 г. быў новы набег. Крымчакі дайшлі да Клецка. Іх войска складала амаль 12 тысяч. У асноўным — вершнікі. Але 5 жніўня князь Міхаіл Глінскі, у якога, як лічыцца, былі татарскія карані, з 6 тысячамі паспалітага рушэння з Беларусі там жа, пад Клецкам, перамог крымчакоў, вызваліў 40 тысяч вязняў, якіх тыя вялі ў няволю. Пасля гэтай падзеі маршалак дворны Міхаіл Львовіч Глінскі займеў у Вялікім княстве вялізны аўтарытэт. Але неўзабаве ён, адзін з найбагацейшых і ўплывовых магнатаў ВКЛ, разам з братамі Іванам і Васілём узначаліў групоўку, якая выступала за незалежнасць Вялікага княства, перадачу вялікакняжацкай улады пасля смерці вялікага князя Аляксандра яго малодшаму брату Жыгімонту. Жыгімонт I Стары і быў абраны вялікім князем, але імкнуўся стаць незалежным ад груповак у ВКЛ, насцярожана паставіўся да росту аўтарытэту Глінскіх. Калі супраць М. Глінскага выступіў яго асабісты вораг ваявода трокскі, прыхільнік уніі з Польшчай Ян Забярэзінскі, то Жыгімонт не даў ходу скарзе Глінскага, што Забярэзінскі рыхтуе супраць яго змову з мэтай забойства. Гэта прывяло да мяцяжу Глінскіх.
I зноў Палессе апынулася ў агні. На гэты раз ужо братазабойніцкай вайны. У 1508 г. Глінскія некалькі разоў асаджалі Бабруйск, рабавалі воласць (староства). Асабліва тую палову яе, якая знаходзілася ў складзе адміністрацыйнага цэнтра Трок. А гэта большая тэрыторыя сучаснай Светлагоршчыны. Не выклікае сумнення тое, што ў 1508 г. адны з насельнікаў Светлагоршчыны гінулі за інтарэсы Глінскіх, другія — у складзе атрадаў вялікага князя ВКЛ. Не лішне зазначыць наступнае: мяцеж Глінскіх падахвочваўся і падтрымліваўся вялікім князем маскоўскім Васілём III.
3 1500 па 1537 г. Гомельская воласць знаходзілася ў складзе Маскоўскай дзяржавы. Падняпроўе часова стала мяжой падзелу паміж тэрыторыямі ВКЛ і Масковіі. Важнае абарончае значэнне для Вялікага княства меў Горвальскі замак (Рэчыцкі р-н). Ён стрымліваў магчымасці прарыву рускіх атрадаў у глыб Беларускага Палесся і, вядома ж, на тэрыторыю сучаснай Светлагоршчыны. Да згаданага вышэй замка былі «прыпісаны» бліжэйшыя населеныя пункты. У тым ліку і паўднёвай часткі Светлагоршчыны. Адсюль у Горвальскі замак паступалі прадукты харчавання і фураж, а ў выніку неабходнасці — падмацаванне людзьмі. У 1535 г. Горвальскі замак быў спалены рускімі войскамі. Спусташэнне зведала і значная тэрыторыя наваколля.
… Кансалідацыя зямель у складзе Вялікага княства Літоўскага спрыяла пашырэнню і ўмацаванню унутраных эканамічных сувязей. Была ажыццёўлена адміністрацыйна тэрытарыяльная рэформа (1564 — 1566). Быў утвораны Рэчыцкі павет, які ўваходзіў у Менскае ваяводства. У Рэчыцкі павет увайшло і Бабруйскае староства, а значыць, і ўся тэрыторыя Светлагоршчыны. Крыху раней (у 1560 г.) у Бабруйскім старостве (воласці), як і ў іншых дзяржаўных валасцях Вялікага княства Літоўскага, прайшла адміністрацыйная рэформа. Сутнасць яе заключалася ў тым, што замест старажытных адзінак падаткаабкладання (дымоў) уводзіліся службы.
1569 г. стаў пачаткам новай трагічнай старонкі ў гісторыі Беларусі. На палітычнай карце Еўропы з’явілася новая дзяржава — Рэч Паспалітая, што значыць «рэспубліка». Люблінская унія, заключаная Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, абвяшчала аб інкарпарацыі княства ў Польшчу і ўтварэнні Рэчы Паспалітай. Праз заключэнне уніі магнаты Вялікага княства меркавалі займець з боку Польшчы саюзнікаў у барацьбе супраць тэрытарыяльных дамаганняў Маскоўскай дзяржавы. Фармальна ВКЛ захавала свае органы ўлады, войска і заканадаўства. Фактычна ж трапіла ў залежнае становішча, бо ўнутранай палітыкай урада Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Беларусі стала актыўнае насаджэнне каталіцызму і «пальшчызны».
Магнаты і шляхта Вялікага княства згубілі сваё палітычнае вяршэнства. Перастаў існаваць сейм, у якім яны дагэтуль праводзілі свае рашэнні. У агульным жа сенаце Рэчы Паспалітай большасць членскіх месцаў засталася за палякамі. Шляхта Вялікага княства не мела правоў атрымліваць землі ў раёнах, гвалтоўна адарваных Польшчай у 1569 г. А вось польская шляхта пачала шпарка ўкараняцца на прасторах ВКЛ. Значна пагоршылася сацыяльнае становішча сялянства, бо ўзмацніліся ўсе формы феадальнага прыгнёту. Насельніцтва Вялікага княства, у тым ліку і Светлагоршчыны, востра адчула і нацыянальна-рэлігійны ўціск. Гэта прывяло да далейшага абвастрэння класавых супярэчнасцей феадальнага грамадства Беларусі.
…У 1595 г. на Украіне ўспыхнула антыфеадальнае паўстанне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі. Яно перакінулася неўзабаве і на Беларускае Палессе.
Гісторык В. I. Пічэта прытрымліваўся думкі, што менаніта беларускае сялянства паклала начатак Запарожскай Сечы «как убежищу для противофеодальных элементов Речи Посполитой» Магчыма, В. І. Пічэта, схіляючыся да такога меркавання, некалькі перабольшвае ролю беларускага сялянства ў стварэнні Запарожскай Сечы, але галоўнае ў іншым — шырокі ўдзел беларусаў у фарміраванні гэтай арганізацыі казацтва не выклікае сумнення.
30 лістапада 1595 г. атрад Налівайкі авалодаў Магілёвам, разрабаваў яго. Але праз два дні казакі пакінулі горад, бо пабаяліся 18-тысячнага войска Рэчы Паспалітай, якое падышло да Магілёва.
Севярын Налівайка са сваімі паплечнікамі адступаў праз Быхаў і Рэчыцу. Па дарозе казакі нішчылі маёнткі свецкіх і царкоўных феадалаў.
У 1596 г. была падпісана Брэсцкая царкоўная унія. У выніку гэтага пагаднення праваслаўная царква аб’ядноўвалася з каталіцкай. На аснове аб’яднання стваралася царква уніяцкая. Гэта таксама выклікала ў нашых мясцінах рост рэлігійна-палітычнай барацьбы. Не апошняя роля ў ёй належала казацтву.
У 1602 — 1603 гг. на тэрыторыі Рэчыцкага павета, а значыць і Светлагоршчыны, дзейнічалі сумесныя атрады казакаў і паўстаўшых сялян. Сяляне неслі страты не толькі ад прамога рабаўніцтва, але і дадатковых падаткаў. Так, у час ваеннай небяспекі для атрымання звестак аб ворагу з валаснога Бабруйска пасылаліся вартаўнікі ў Рэчыцу, Лоеў і Мазыр. Для гэтай справы на насельніцтва накладваўся экстраардынарны падатак. Больш таго, гэты падатак накладваўся столькі разоў, колькі ў гэтым была патрэба. Такі звычай быў зафіксаваны яшчэ ўставай 1560 г., падмацаваны ў 1584 г. Ён ёсць і ў уставе 1626 г.
Час з 1633 па 1647 г. шляхта назвала перыядам «золотого спокойствия». Не было буйных выступленняў сялянства і нізоў гарадскога насельніцтва. Рэч Паспалітая не мела клопату з казацтвам. Гэта дазволіла ўладам правесці ў Рэчыцкім павеце валочную памеру (1611 1639). Тагачасныя дакументы паказваюць, што мясцовасць наша была маланаселенай. Ва усялякім разе, да рэформы ва ўсёй Бабруйскай воласці (старостве) было крыху больш за 200 службаў. А калі ўлічыць, што службу складалі ў асноўным дзве гаспадаркі (дымы), то ва ўсёй воласці (старостве) мелася 410-420 гаспадарак вясковага сялянства.
Штуршком да пад’ёму антыфеадальнага руху ў сярэдзіне XVII ст. і пераўтварэння яго ў антыфеадальную вайну 1648 — 1651 гг. стала народнае паўстанне на Украіне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Казакі атрымалі перамогі пры Жоўтых Водах (6 мая) і пад Корсунем (16 мая 1648 г.). Гэта выклікала ўзброеныя антыфеадальныя выступленні беларускага сялянства і гараджан. Асабліва ў тых мясцовасцях, якія прымыкалі да Украіны.
Пасля бітвы пад Корсунем Багдан Хмяльніцкі выправіў у Беларусь сваіх надзейных людзей, якія добра ведалі гэтыя мясціны. Накіраванцы Хмяльніцкага прыбылі цішком у Рэчыцу і павет. Яны распаўсюджвалі універсалы, у якіх Хмяльніцкі заклікаў да барацьбы з Рэччу Паспалітай.
У тым жа 1648 г. у раён Брагіна, Гомеля і Рэчыцы прыбыў казацкі атрад Галавацкага. Неўзабаве сваіх людзей на тэрыторыю Беларусі прывялі Нябаба, Гаркуша, Крывашапка і інш. З’яўленне ў Беларусі новых казацкіх атрадаў і стала штуршком для антыфеадальнага паўстання. Яго арэнай стаў і Рэчыцкі павет.
Летам 1648 г. казацка-сялянскія атрады ў раёне Рэчыцы разграмілі харугвы пад камандаваннем пісара Вялікага княства Літоўскага Валовіча. Паўстанцы ўзялі Горваль, сустрэлі тут атрад пана Мірскага, прымусілі яго спехам адступіць.
Да восені 1648 г. жыхары Гомеля, Лоева, Мазыра, Рэчыцы і Турава «ўсе паказачыліся і накляліся адзін другому стаяць да апошняга». Казацка-сялянскія атрады авалодалі таксама Брагінам, Чачэрскам, Чэрыкавам, Пінскам і некаторымі іншымі гарадамі. Захапілі таксама і Бабруйск.
Перапалоханая шляхта ўцякала ў глыб краіны. Улады разгубіліся і доўгі час не маглі наладзіць супраць паўстанцаў ваенных акцый. Толькі ўвосень у раёны актыўных дзеянняў казакаў і сялян былі накіраваны некалькі фарміраванняў шляхты і наёмнікаў-жаўнераў. Сур’ёзныя сутычкі адбыліся каля Рэчыцы і Рагачова. Поспех спрыяў казакам і сялянам. Але сітуацыя змянілася ў кастрычніку. Значныя сілы шляхецкага войска пад камандаваннем стражніка Мірскага выбілі паўстанцаў з Пінска, затым — з Чэрыкава. У студзені наступнага, 1649 г. на поўдзень Беларусі з 10-тысячным войскам прыйшоў палявы гетман Януш Радзівіл. Пачалася буйная акцыя па ўдушэнні паўстання.
Гетман рухаўся ўздоўж Беларускага Палесся: ад Бярэсця на Тураў, Мазыр і далей па Прыпяці. Потым разбіў казацка-сялянскія атрады каля Бабруйска і Рэчыцы. За зіму 1648/49 г. ліквідаваў усе асноўныя пункты хваляванняў, бязлітасна расправіўся з іх абаронцамі. Узяўшы пад свой кантроль тэрыторыі ўздоўж Прыпяці і Дняпра, войска Януша Радзівіла адрэзала Беларусь ад украінскіх казакаў. Аднак у хуткім часе (вясной 1649 г.) Багдан Хмяльніцкі накіраваў на поўдзень Беларусі казацкі 3-тысячны атрад пад камандаваннем палкоўніка Ільі Галоты. Паўстанцкі рух тут успыхнуў з новай сілай. За кошт мясцовага насельніцтва сілы Галоты ўзраслі да 30 тысяч чалавек. Януш Радзівіл без аніякага прамаруджвання распачаў аперацыю супраць казацка-сялянскіх фарміраванняў. У чэрвені адбылася бітва каля Прыпяці. Полк Галоты быў разбіты. Багдан Хмяльніцкі, баючыся злучэння кароннага войска Вялікага княства з палякамі і іх сумесных дзеянняў, накіраваў на Беларусь яшчэ 6 тысяч казакаў. Іх прывялі Гаркуша і Падабайла. Пазней да іх выправіўся і загон палкоўніка Міхайлы Крычэўскага. Да казакаў далучаліся мясцовыя сяляне. I неўзабаве сілы Крычэўскага налічвалі каля 30 тысяч чалавек. Казацкі палкоўнік меў намер злучыцца з фарміраваннямі Падабайлы, якія ўмацаваным лагерам стаялі каля Лоева (паміж Дняпром і Сожам). Разумеючы небяспеку, якую будуць уяўляць сілы Крычэўскага і Падабайлы пасля злучэння, Януш Радзівіл атакаваў злучэнне першага і 21 чэрвеня 1649 г. разграміў яго. Пасля гэтага быў знішчаны і лагер Падабайлы. Затым харугвы палявога гетмана ліквідавалі і астатнія пункты паўстанцкага руху ў Пасожжы і некаторых іншых раёнах Беларусі.
У 1650-ым і летам 1651 г. казацка-сялянская вайна пачала зноўку разгарацца. У Падняпроўі і Пасожжы дзейнічалі казацкія палкі Забелы, Шохава і інш. Але значных поспехаў яны не мелі. У ліпені 1651 г. Януш Радзівіл рушыў на Украіну. Багдан Хмяльніцкі выслаў насустрач злучэнне Марціна Нябабы з 15 тысяч казакаў. Аднак каля лоеўскіх перапраў казакі былі цалкам разбіты, і гетман накіраваўся на Кіеў, увайшоў у яго.
Войска Багдана Хмяльніцкага пацярпела таксама паражэнне ад польскай арміі пад Берастэчкам. Сітуацыя перайшла пад поўны кантроль Рэчы Паспалітай. Багдан Хмяльніцкі быў змушаны пайсці на падпісанне Белацаркоўскага мірнага дагавора. Гэта падзея адбылася 18 верасня 1651 г. Згодна з дагаворам, казацкім загонам забаранялася знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і яны былі адведзены на Украіну. Народныя хваляванні ў Беларусі былі канчаткова задушаны. Але шмат у якіх месцах, у тым ліку і на тэрыторыі Рэчыцкага павета, працягвалі дзейнічаць партызаны, якіх польскія тагачасныя дакументы называюць «лесунамі». Партызаны былі і на Светлагоршчыне. Сюды яны прыйшлі пасля разгрому паўстання жыхароў Горваля, супраць якіх з павятовай Рэчыцы быў накіраваны атрад драгунаў.
23 чэрвеня 1653 г. стражнік Вялікага княства Літоўскага Мірскі паведамляў Янушу Радзівілу аб вяртанні ў лагер коннага атрада, што накіроўваўся супраць «лесуноў», якія дзейнічалі каля Рэчыцы. Атрад «…шел за теми лесунами до самога Сожа», аднак дагнаць іх не здолеў, бо яны, партызаны, «имея приготовленные челны, легко переправились и крестьян с той стороны с собой увели».
Суровыя выпрабаванні выпалі на долю жыхароў нашага краю ў час вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Яна пачалася ў маі 1654 г., калі палкі Масковіі рушылі на Беларусь з трох месцаў — Вялікіх Лук, Масквы і Бранска. Багдан Хмяльніцкі ў дапамогу гэтаму войску накіраваў з поўдня 20 тысяч украінскіх казакаў пад кіраўніцтвам наказнога гетмана Івана Залатарэнкі. Гэтым падзеям папярэднічала Пераяслаўская рада (1654 г.), якая прыняла рашэнне аб далучэнні Украіны да Маскоўскай дзяржавы. Агульная колькасць вайсковых фарміраванннў, якія прыйшлі на тэрыторыю Беларусі, складала каля 100 тысяч чалавек. Войска ж, сабранае Янушам Радзівілам, не перавышала 12 тысяч. Амаль палову іх складалі малабаяздольныя паспалітае рушэнне і павятовыя харугвы. У тым ліку і Рэчыцкая.
Перад пачаткам баявых дзеянняў цар Аляксей Міхайлавіч загадваў сваім ваяводам і ратным людзям, каб яны не надта свавольнічалі на Беларусі, а тых беларусцаў, каторыя б пажадалі прыйсці ў рускія палкі, браць да сябе і «…нашим государским жалованьем обнадеживали и велели их приводить к вере, что им быть под нашею государскою высокою рукою навеки неотступно и нам служить, и над польскими и над литовскими людьми сопча заодин…».
Беларускую шляхту цар разглядаў як сваю сацыяльную апору. Таму абяцаў ёй, а таксама і духавенству граматамі сваімі пацвердзіць іх правы на маёнткі, якімі яны валодалі дагэтуль. Ад шляхты ж і святароў патрабаваліся лаяльнасць і паслухмянасць. Свае абяцанні Аляксей Міхайлавіч адрасаваў і мяшчанству.
На першым часе царскія абяцанні адыгралі сваю ролю. Многія беларускія гарады без бою адчынілі свае брамы перад рускімі палкамі. На бок Масковіі пераходзілі шляхта, мяшчане, сяляне, духавенства…
Але не ўсе гарады і мястэчкі Вялікага княства з ахвотай адыходзілі пад «государскую высокую руку». Пасля актыўнага супраціўлення рускія ваяводы В. П. Шарамецьеў і А. Н. Трубяцкой змаглі здабыць Друю і Мсціслаў. Іх насельніцтва было амаль цалкам вынішчана.
3 ліста наказнога гетмана Івана Залатарэнкі, які ён у ліпені 1654 г. накіраваў цару Аляксею Міхайлавічу, бачна, які страшэнны лёс напаткаў павятовую Рэчыцу, Горваль, іншыя блізкія да Светлагоршчыны гарады і мястэчкі, якія аказалі супраціўленне казацкім загонам: «…Стоячи под тем Гомлем, посылали есмя в загоны, которые по той там стороне Днепра замки и места поимали, и под мечь непослушные; а городы, которые нам шкоды прежде чинили, попалити велели есмя, особный замок Речицкнй, замок Злобин, замок Стрешин, замок Рогачев, замок Горволь позжено…»
Рэч Паспалітая ў 1654 — 1655 гг. спрабавала наладзіць наступленні на Украіне і Беларусі. Яны не ўдаліся. Амаль уся тэрыторыя Беларусі была занята рускімі войскамі.
Летам 1655 г. супраць Польшчы выступіла Швецыя. Шведы занялі Варшаву. Польшча была на краі поўнага разгрому. Ад гэтага яе выратаваў пункт гледжання кіраўніка Пасольскага прыказа А. Л. Ардын-Нашчокіна. Ён раіў цару прыпыніць вырашэнне пытання аб Украіне і Беларусі, заключыць з Польшчай мірнае пагадненне, распачаць вайну супраць Швецыі за выхад Расіі да Балтыйскага мора.
У 1657 г. памёр Багдан Хмяльніцкі. Гетманы, што прыйшлі да ўлады пасля яго (Іван Выгоўскі, Юры Хмяльніцкі, Пятро Дарашэвіч і інш.), з’яўляліся прыхільнікамі Польшчы. У сувязі з гэтым становішча рускіх войск, якія дыслацыраваліся на Украіне і Беларусі, стала складаным. Вайна прыняла зацяжны характар. Патрабавалася выйсце, якое б часова заахвочвала і Расію, і Рэч Паспалітую.
У 1667 г. у в. Андрусава (Смаленшчына) Расія і Польшча падпісалі перамір’е. Рэчыца і павет засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. А зусім побач, за Дняпром, стаялі атрады рускага цара.
У 1700 г. распачалася вайна Расіі са Швецыяй, якая атрымала назву Паўночнай. Яна скончылася толькі ў 1721 г. Арэнай баявых дзеянняў была і Светлагоршчына. На ёй, як і на астатняй тэрыторыі Беларусі, панавалі разруха, галеча, запусценне.
Шлях да павышэння свайго дабрабыту, які пахіснуўся за час войнаў, феадалы бачылі у далейшым запрыгоньванні насельніцтва. На працягу XVII—XVIII стст. некалькі разоў павялічваліся павіннасці сялян на карысць феадалаў. Узмацненне ўціску вяло да новага разгортвання сялянскага руху. У 1745 г. адбыліся хваляванні жыхароў мястэчка Горваль і паўдневай часткі Светлагоршчыны. У 1770-ыя гады ўзброеныя выступленні мелі месца ў Любоніцкіх і Стоўпінскіх сёлах Рэчыцкага павета. Любоніцкія ж сёлы з XVII ст. былі пад уладай феадалаў Парыцкага маёнтка. Паўстанне ўзначальваў Павел Лагойка. Яно было зломлена толькі у 1782 г., калі уладам удалося злавіць і пакараць смерцю Паўла Лагойку і ягоных бліжэйшых памочнікаў Лаўрына Самадзёлка і Сымона Пячонку.
Кніга «Памяць» (Светлагорск і Светлагорскі раён), 1-я частка.
Кернажыцкі К. I. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і экономічнае становішча яе насельніцтва з XVII да паловы XIX ст. Мн., 1931.
Нарысы гісторыі Беларусі. Частка 1. Мн.: «Беларусь», 1994.
Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн.,1992.
Падрыхтаваў да друку П. П. Рабянок

comments powered by HyperComments

Теги: Бобруйск, Брагин, Гомель, Горваль, Лоев, Мозырь, Памяць, Паричи, Речица, Рогачев

Светлагоршчына ў часы Вялікага княства Літоўскага
Оцените статью

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля