Новости

  • Интернат в Паричах и две сельские библиотеки проданы под жилье

    Нежилое здание площадью 301 кв. м в Паричах выставлялось на аукционные торги 6 раз. Последний аукцион 11 сентября 2014 года оказался удачным: на него зарегистрировалось 3 участника и в результате торгов начальная цена продажи имущества выросла с 3 базовых величин до 78,4 млн. рублей. Недвижимость приобретена физическим лицом с целью реконструкции под жилое помещение. 23 сентября […]

  • «Химик» выиграл у «Минск-2″ со счетом 3:2

    9 ноября в Минске состоялся матч 28-го тура Первой лиги между «Химиком» и «Минск-2″. Наша команда победила со счетом 3:2. Первыми на 19 минуте встрече гол забили футболисты столичного клуба. На 48 минуте Дмитрий Харитончик из «Химика» сравнял счет, а на 57 — вывел команду вперед. Через 11 минут, на 68 минуте, счет снова сравнялся […]

  • Сколько получают водители и кондукторы в автопарке?

    Таблица с данными о зарплатах водителей и кондукторов филиала «Автобусный парк №5 г. Светлогорска» опубликована в социальной сети «Одноклассники». Из нее следует, что в августе 2014 года зарплата водителей городских автобусов составляет порядка 6,377 млн рублей, загородных — чуть больше 6 млн., а зарплата кондукторов — 4,621 млн рублей. Но пользователь porsche caenovih, опубликовавший фотографию, пишет, что […]

  • «Химик» одержал победу на «Полоцком» со счетом 6:0

    В перенесенном матче 17-го тура «Химик» разгромил «Полоцк» со счетом 6:0. Матч состоялся 23 октября на стадионе «Бумажник» в присутствии 300 зрителей. Голы забили: 1:0 — Архипцев (40). 2:0 — Жданович (60). 3:0 — Лепин (70). 4:0 — Лепин (79). 5:0 — Котин (82). 6:0 — М.Дашук (90+3, с пенальти). comments powered by HyperComments Теги: Бумажник, молния, Полоцк, […]

  • «Школьный базар» состоится в субботу 23 августа

    23 августа 2014 года с 10.00 до 15.00 в районе городского Центра культуры состоится ярмарка «Школьный базар – 2014». Будет организована — распродажа одежды школьного ассортимента; — демонстрация одежды для школьников; — культурно-развлекательные мероприятия для детей; — продажа кулинарных и кондитерских изделий, прохладительных напитков и мороженого, продукции ОАО «Жлобинский мясокомбинат». Источник: «Светлагорскія навіны» comments powered […]

  • Главная
  • История
  • На Светлагоршчыне першыя людзі пасяліліся ў сярэдзіне каменнага веку

На Светлагоршчыне першыя людзі пасяліліся ў сярэдзіне каменнага веку


На тэрыторыю сучаснай Беларусі нага старажытнага чалавека ўпершыню ступіла ў сярэдзіне каменнага веку (палеаліту). Гэта адбылося прыкладна 100—40 тысяч гадоў да н. э. Рэчавымі доказамі такога меркавання з’яўляюцца прылады працы эпохі мусцье (востраканечнікі, скрэблы, адшчэпы), што былі знойдзены каля вёсак Падлужжа (Чачэрскі р-н) і Свяцілавічы (Веткаўскі р-н). Такая культура была характэрна для неандэртальцаў — папярэднікаў сучаснага чалавека. Асноўным гаспадарчым заняткам іх было паляванне на буйных жывёлін (маманта і шарсцістага насарога), збіральніцтва і лоўля рыбы. Прытым паляванне насіла калектыўны характар. Пад гэты час людзі навучыліся здабываць агонь і будаваць жытлы. У якасці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўваліся не толькі дрэва і камяні, але і косці буйных жывёл.
Самыя старажытныя верхнепалеалітныя паселішчы першабытнага чалавека, што прыйшоў на тэрыторыю Беларусі, выяўлены на Гомельшчыне — каля вёсак Бердыж (Чачэрскі р-н) і Юравічы (Калінкавіцкі р н). Іх узрост — 26 — 22 тысячы гадоў да н. э. На паселішчах знойдзены шматлікія прылады працы і палявання, вырабленыя з крэйдавага крэменю, — бакавыя, вуглавыя і сярэдзінныя разцы, канцавыя і падвойныя скрабкі, наканечнікі коп’яў, нажы і г. д.
Крамянёвыя вырабы з паселішча Каралёва Слабада
Вялікую навуковую каштоўнасць маюць рэшткі авальных і прадаўгаватых жытлаў, паглыбленых у зямлю. Яны былі складзены з валуноў, чарапоў і касцей маманта. У сярэдзіне кожнага такога жытла мелася агнішча.
Не выклікае сумнення тое, што старажытныя людзі ішлі на Беларусь па далінах «прарэк» — з басейнаў Дняпра і Дзясны, з Закарпацця.
У гэты час адбываецца пераход ад першабытнага чалавечага статку да радавога ладу. Развіваецца першабытнае мастацтва, узнікае першабытная рэлігія — татэмізм.
Тагачасныя насельнікі Беларусі сустрэліся з суровым выпрабаваннем. Яно было звязана з чарговым ледавіком, які ішоў са Скандынавіі. Першабытныя людзі былі вымушаны пакінуць абжытыя мясціны і рушылі на поўдзень. Яны вярнуліся назад толькі амаль праз 10 тысяч гадоў. Гэта адбылося ў познеледавікоўі (15 — 14 тысяч гадоў таму назад). Менавіта тады тэрыторыя Беларусі, і ў першую чаргу Гомельшчыны, канчаткова ўвайшла ў склад абласцей, заселеных чалавекам.
8500-8300 гадоў да н. э. скончылася ледавіковая эпоха (плейстацэн), наступіў геалагічны перыяд, які працягваецца і зараз, — галацэн. Пачаўся меаліт — сярэдняя эпоха каменнага веку. Менавіта тады стала засяляцца і тэрыторыя сучаснай Светлагоршчыны. Першымі археалагічнымі помнікамі гэтага перыяду ў нашым краі з яўляюцца пасе лішчы каля вёскі Каралёва Слабада, якія адкрыты і даследаваны вядомым беларускім археолагам Уладзімірам Паўлавічам Ксянзовым.
Паселішча-1 выяўлена і даследавана ў 1977 г. Яно знаходзіцца за 500 м на паўднёвы ўсход ад вёскі, на другой надпоймавай тэрасе правага берага р. Бярэзіна (вышыня над узроўнем вады 10 м), на мысе. Культурны пласт 0,2 — 0,4 м. На жаль, канчаткова разбураны ворывам. Быў зроблены раскоп плошчай 60 кв. м. Знойдзена 425 крамянёвых прылад працы — сярэднія і бакавыя разцы, скрабкі (канцавыя і авальныя), скоблі, рэтушаваныя пласціны, укладышы, адшчэпы, сякеры, нуклеусы. Помнік датуецца 8-7-ым тысячагоддзямі да н. э.
Паселішча-2 абследавана ў 1982 г. Яно знаходзіцца за 250 м на паўднёвы ўсход ад вёскі. Памер 100х20 м. Знаходзіцца на першай надпоймавай тэрасе правага берага р. Бярэзіна. Культурны пласт, як і на паселішчы-1, моцна пашкоджаны ворывам. На паверхні глебы былі сабраны шматлікія крамянёвыя прылады працы — бакавы разец, праколка, канцавы скрабок, ножападобныя пласціны, адшчэпы, аморфныя нуклеусы.
8—5-ым тысячагоддзямі да н. э. датуецца паселішча каля вёскі Міхайлаўка. Яно таксама выяўлена і даследавана У. П. Ксянзовым (1977-1982). Памер помніка — 200 х 50 м. Знаходзіцца за 250 м ад вёскі (паўднёвы ўсход). У культурным пласце (0,15 — 0,35 м) знойдзены вырабы з так званага сожскага крэйдавага крэменю: долатападобныя прылады працы, адшчэпы і пласціны, скрабкі, наканечнікі стрэл, нуклеусы.
Таксама да эпохі мезаліту (8—5-ае тысячагоддзі да н. э.) адносяцца і паселішчы каля вёскі Краснаўка. Паселішча-1 знаходзіцца за 250 м на паўднёвы ўсход ад вёскі, на першай надпоймавай тэрасе р. Бярэзіна (5 м вышэй узроўню вады). Плошча 600 кв. м. У раскопе плошчай 90 кв. м у культурным пласце 0,2 — 0,4 м выяўлены 312 вырабаў з крэменю. Гэта наканечнік стралы, праколка, скоблі, скрабкі з пласцін і адшчэпаў, долатападобныя прылады, адшчэпы, пласціны, нуклеусы. Культурны пласт разбураны ветравой эрозіяй і другасным засяленнем у раннім жалезным веку. Згаданае вышэй паселішча У. П. Ксянзоў выявіў у 1974 г., а абследаваў у 1977 г.
У 1981 г. ім жа было выяўлена тут і паселішча-2. Яно знаходзіцца за 100 м на паўднёвы захад ад вёскі, на першай надпоймавай тэрасе правага берага Бярэзіны (3-4 м вышэй узроўню вады). Даследаванні, ажыццёўленыя ў 1981 — 1982 гг., прывялі да знаходак авальных скрабкоў з адшчэпаў, бакавых і сярэдзінных разцоў, скобляў, укладышаў з пласцін, рэтушораў, адшчэпаў і рэтушаваных пласцін, нуклеусаў. Плошча гэтага помніка да 800 кв. м. Раскоп быў зроблены на плошчы 120 кв м. Культурны пласт — 0,1—0,4 м. Ён разбураны ветравой эрозіяй і другасным засяленнем у бронзавым веку.
Археалагічныя помнікі каля в. Краснаўка датуюцца 8—5-ым тысячагоддзямі да н. э., адносяцца да эпохі мезаліту. Асноўныя прылады працы гэтага часу лук і стрэлы, разцы, скрабкі, тапары, нажы, праколкі, скоблі. Яны вырабляліся з крэменю, дрэва і косці. Людзі ўзводзяць лёгкія наземныя буданападобныя жытлы, у цэнтры якіх знаходзяцца агнішчы. Рэшткі агнішча чашападобнай формы дыяметрам 0,6 м і глыбінёй 0,3 м былі выяўлены на паселішчы-1 каля вёскі Каралёва Слабада.
Умацоўваецца парная сям’я. Далейшае развіццё атрымлівае гаспадарчая дзейнасць чалавека. Удасканальваюцца прылады працы, прыручаецца жывёла. Чалавек усё менш залежыць ад удалага палявання.
Каменны век завяршаецца эпохай неаліту. Ён пачаўся на тэрыторыі Гомельшчыны ў канцы 5-га — 4-ым тысячагоддзі да н. э. Неаліт называецца таксама новым каменным векам. Людзі далучаюцца да керамічнай вытворчасці. Яны не толькі вырабляюць, але і абпальваюць гліняны посуд. Наяўнасць посуду дазваляе захоўваць ежу. Удасканальваецца жывёлагадоўля. Чалавек авалодвае навыкамі земляробства. Развіваецца рыбалоўства. Атрымаўшы прадуктаў харчавання больш, чым неабходна, нашы далёкія продкі нарьгхтоўваюць ежу ў запас. З’яўляецца вольны час, бо няма патрэбы для здабычы ежы днямі знаходзіцца на паляванні. Людзі ўдасканальваюць свой побыт, гаспадарку, развіваюць культуру. Апроч вырабу керамікі яны ўсё часцей бяруцца за прадзенне і пляценне, магчыма што і ткацтва.
Да эпохі неаліту адносіцца паселішча, выяўленае і абследаванае ў 1982 г. У. П. Ксянзовым каля г. п. Парычы. Яно знаходзіцца за 500 м на паўночны захад ад пасёлка, на першай надпоймавай тэрасе правага берага р. Бярэзіна. Культурны пласт 0,15 м. Раскопкі помніка не праводзіліся. Але ў агаленнях знойдзены разцы, скрабкі, скоблі, пласціны і адшчэпы з крэменю (з рэтушшу і без яе), а таксама рэшткі ляпнога посуду. Названыя вышэй знаходкі дазволілі зрабіць вывад: паселішча каля г. п. Парычы датуецца 5-ым — 3-ім тысячагоддзямі да н. э.
Два старажытныя неалітычныя паселішчы ў 1977 годзе У. П. Ксянзовым адкрыты і абследаваны каля вёскі Якімава Слабада.
Паселішча-1 знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі. Яно на правым беразе р. Бярэзіна, у заходняй частцы рэшткаў першай надпоймавай тэрасы, з трох бакоў абмежаванай балотам, а рэчышчам ракі — з усходу. Культурны пласт — 0,25 м. Раскопкі помніка не праводзіліся. Але ўдалося сабраць 22 адшчэны, абломак наканечніка трохвугольнай формы, нуклеусы, 2 скрабкі, пласціны, нуклеусападобныя кавалкі крэменю. Былі знойдзены і дробныя кавалкі ляпной керамікі.
Культурны пласт 0,1 м прасочаны ў агаленнях паселішча-2, якое знаходзіцца за 1 км на ўсход ад Якімавай Слабады, на правым беразе р. Бярэзіна. I на гэтым паселішчы раскопкі не праводзіліся. У агаленнях жа былі знойдзены 20 адшчэпаў, 2 ножападобныя пласціны, мікрапласцінка, крамянёвы нуклеус і інш. Рэшткі ляпной керамікі, сабраныя на паселішчы-2, маюць адбіткі грэбеня.
Абодва паселішчы датуюцца 4-ым — 2-ім тысячагоддзямі да н. э.
На пясчаным пагорку за 1,2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Залле яшчэ адно паселішча эпохі неаліту. Плошча помніка 100х20 м. Паселішча было адкрыта У. П. Ксянзовым у 1977 г., а абследавана ў 1981 г. Былі сабраны крамянёвыя нуклеусы, ножападобныя пласціны, прылады працы геаметрычнай формы. Рэшткі ляпной керамікі, як і на паселішчах Якімавай Слабады, упрыгожаны адбіткамі грэбеня.
Неалітычнае паселішча каля вёскі Новая Беліца таксама датуецца 4-ым — 2-ім тысячагоддзямі да н. э. Яно за 100 м ад жывёлагадоўчай фермы. Мае плошчу 2800 кв. м. Знаходзіцца на першай надпоймавай тэрасе правага берага р. Бярэзіна. Выяўлена і даследавана ў 1977 г. У. П. Ксянзовым. Крамянёвыя нуклеусы, трохвугольны наканечнік стралы, скрабкі, адшчэпы, пласціны, а таксама рэшткі ляпной керамікі сабраны ў культурным пласце 0,1 м.
У канцы неаліту на асобныя сем’і распалася родавая мацярынская абшчына. Яны валодалі пэўнай эканамічнай незалежнасцю, але яшчэ заставаліся звязанымі паміж сабой кроўнымі сувязямі.
У пачатку 2-га тысячагоддзя да н. э. на тэрыторыі Гомельшчыны пачаўся бронзавы век. Пашырылася металургія бронзы. З яе выраблялася зброя, прылады працы, упрыгожанні. Мацярынска-роданыя адносіны паступова замяняліся патрыярхальнымі. Далейшае развіццё атрымалі жывёлагадоўля і земляробства. Пашыраўся гандлёвы абмен. Працягвалі выкарыстоўвацца каменныя прылады працы. Але яны вырабляліся ўжо больш дасканалымі, бо прымянялася шліфаванне, свідраванне і пілаванне. Мясцовае неалітычнае насельніцтва было асімілявана плямёнамі так званай сярэднедняпроўскай культуры, якія ў канцы 3-га тысячагоддзя да н. э. прыйшлі з поўдня.
Свае паселішчы прышлыя плямёны сярэднедняпроўскай культуры размяшчалі на пясчаных выдмах, паплаўных узгорках. Звычайна каля рэк, радзей — на краях тэрас. Узводзіліся наземныя жытлы слупавой канструкцыі, у цэнтры якіх знаходзіліся агнішчы.
Паселішча эпохі бронзы і зарубінецкай культуры (названа ад могільніка каля сяла Зарубінцы на Кіеўшчыне, адкрытага ў 1899 г.) у 1981 г. было выяўлена М. У. Бычковым каля вёскі Дражня. Яно знаходзіцца за 1,5 км на захад, ва ўрочышчы Ліпавы Бугор, на левым беразе безназоўнага прытока р. Бярэзіна. Вышыня над поплавам 3 м, плошча каля 1 га. У 1983 г. помнік быў раскапаны Н. М. Дубіцкай. На плошчы 244 кв. м у культурным пласце таўшчынёй 0,3 — 0,6 м былі адшуканы матэрыялы некалькіх эпох. Найбольш раннія знаходкі эпохі бронзы — крамянёвыя вырабы (скрабкі і ножанадобныя пласціны) і абломкі посуду з кропкавым арнаментам. Абломкі неглянцаваных керамічных пасудзін адносяцца да I ст. н. э. Трэць іх пакрыта штрыхамі. Гэта сведчанне таго, што паселішча знаходзілася ў зоне кантактаў плямён зарубінецкай культуры і культуры штрыхаванай керамікі. Сярод знаходак і фрагменты глянцаваных гаршкоў і рабрыстай міскі.
Другой паловай 1-га тысячагоддзя да н. э. — пачаткам 2-га тысячагоддзя н. э. датуецца селішча каля вёскі Прудок. Знаходзіцца за 1 — 1,2 км на ўсход ад вёскі, на першай надпоймавай тэрасе р. Бярэзіна, на беразе старыцы, на паўднёвы ўсход ад упадзення ў яе ручая. У 1976 г. селішча выявіў У. П. Ксянзоў, раскопкі ў 1982 і 1987 гг. правяла Н. М. Дубіцкая. Плошча раскопак склала 302 м, а культурны пласт — 0,2—1,3 м. Фрагменты глінянага посуду і крамянёвы інвентар (загатоўка сякеры, нажы, пласціны, скоблі, рэтушоры), знойдзеныя на селішчы, сведчаць пра адносіны гэтых рэчаў да эпохі бронзы. Кераміка з расчосамі і глянцаваннем, фрагменты ляпнога посуду, біканічныя гліняныя прасліцы і жалезныя прылады працы характарызуюць другі этап развіцця селішча (IV—VIII стст. н. э.). У гэты час, як бачна з артыкула Н. М. Дубіцкай, змешчанага ў энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі» (Мн., 1993), селішча размяшчалася на берагах ручая. Культурны пласт 0,2—0,3 м. На ўскрайку тэрасы — рэшткі заглыбленага на 20 — 25 см зрубнага жытла. Яно мела печ-каменку, складзеную на мацерыку з буйных камянёў без прымянення сувязнага матэрыялу.
Селішча каля в. Прудок мела і трэці этап свайго развіцця. Гэта канец X — XIII ст. Тэрытарыяльна селішча значна павялічылася. Багаты склад знойдзеных рэчаў, што адносяцца да гэтага перыяду. Ганчарныя гаршкі і міскі маюць хвалісты і лінейны арнаменты. Вялікую цікавасць уяўляюць металічныя прылады працы і ўпрыгожанні. Найперш, гэта літы бронзавы нацельны крыж. Ён арнаментананы складаным рэльефным узорам. Сярод знаходак — вітае скроневае кольца, залачоныя і двайныя з глухога жоўтага шкла пацеркі, люлька з белай гліны і інш.
Такім чынам, у сваім развіцці селішча каля в. Прудок прайшло праз 3 тысячы гадоў.
Бронзавы век змяніўся векам жалезным (VII ст. да н. э.). З вынаходствам жалеза і яго апрацоўкай аснову эканомікі старажытнага насельніцтва склала ляднае (падсечнае) земляробства. Ягонае развіццё прыняло да павелічэння гаспадарчага значэння жывёлагадоўлі. Атрыманне дадатковага прадукту паскорыла маёмасную дыферэнцыяцыю грамадства і працэс распаду першабытнаабшчынных адносін паміж насельнікамі нашага краю. На пачатку ранняга жалезнага веку (VII —III стст. да н. э.) Светлагоршчыну, як і тэрыторыю Гомельшчыны ў цэлым, засялялі плямёны мілаградскай культуры (назва ад гарадзішча каля вёскі Мілаград Рэчыцкага р-на). Мілаградская культура мае 2 варыянты — дняпроўскі (помнікі ў басейне Дняпра і Сожа) і палескі (басейн Прыпяці). Да дняпроўскага варыянта адносяцца некалькі археалагічных помнікаў, выяўленых і даследаваных на Светлагоршчыне. Гэта гарадзішчы каля вёсак Давыдаўка, Затон, Расава, рабочага пасёлка Сасновы Бор. Пляцоўкі, абраныя для пабудовы жытлаў, умацоўваліся ровам ці валам. Яны з усіх бакоў баранілі мясцовых жыхароў ад нападу ваяўнічых суседзяў ці прышлых плямён.
Носьбіты мілаградскай культуры мелі гандлёвыя сувязі з плямёнамі культуры штрыхаванай керамікі, скіфамі, жыхарамі Цэнтральнай Еўропы.
На раннім этапе на ўсёй тэрыторыі мілаградскай культуры мелі месца пахавальныя абрады трупапалажэння і трупаспалення. Затым (V —III стст. да н. э.) — толькі трупаспалення на курганных і бескурганных могільніках. Курганныя могільнікі знаходзяцца каля вёсак Вялікі Бор, Вярхлессе, Залле, Коўчыцы-2, Ліпнікі, Селішчы. У розны час іх выявілі і даследавалі Н. М. Дубіцкая і А. Г. Калечыц. Іх раскопкі не праводзіліся.
Гарадзішчы і курганныя могільнікі Светлагоршчыны могуць адносіцца не толькі да мілаградскай культуры, але і зарубінецкай, якая склалася ў Верхнім і Сярэднім Падняпроўі ў сярэдзіне III ст. да н. э. У гэты час гарадзішчы ўмацоўваліся дадаткова. Гэта рабілася шляхам дасыпання ранейшых валоў, узвядзеннем новых. Яны і ўтваралі другую лінію абароны. Пахавальны абрад пачаў уяўляць сабой трупаспаленне на гарызонце на бескурганных могільніках.
На познім этапе свайго развіцця (II —V стст. н. э.) носьбіты зарубінецкай культуры жылі на селішчах па нізкіх берагах рэк, дзе меліся ўрадлівыя глебы. Гандлёвыя сувязі падтрымліваліся з паўночнымі правінцыямі Рымскай імперыі, плямёнамі чарняхоўскай культуры (археалагічная культура плямён жалезнага веку, якія ў канцы II — сярэдзіне V ст. н. э. насялялі стэпы, лесастэпы ад Ніжняга Падунайя да левабярэжжа Дняпра, на поўнач амаль дасягалі рубяжоў Беларускага Палесся).
Грамадскі лад гэтага часу — развіты патрыярхат. Асноўная адзінка грамадства — патрыярхальная сям’я. Яна налічвала дзесяткі чалавек. Ішоў працэс распаду першабытнаабшчыннага ладу і складвання тэрытарыяльнай абшчыны. Мела месца патрыярхальнае рабства. Узнікалі супярэчлівасці паміж асобнымі родамі і плямёнамі. Яны ўсё часцей дбалі аб умацаванні сваіх паселішчаў.
III — II стст. да н. э. і II — IV стст. н. э. сталі перыядам перадумоў замены першабытнаабшчынных адносін феадальнымі.
Большасць навукоўцаў лічаць: плямёны зарубінецкай культуры — старажытнаславянскія.
У VI —VIII стст. Гомельшчыну засялялі славянскія плямёны пражскай культуры тыпу Корчак (была распаўсюджана ў басейне Прыпяці) і культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (найбольш распаўсюджана ў Верхнім Падняпроўі і Пасожжы). Асноўным заняткам насельніцтва ў гэты час з’яўляюцца земляробства, жывёлагадоўля і рамяство. Посуд становіцца больш дасканалым — ляпны слабапрафіляваны, міскападобны, біканічны, цюльпананападобны. Удасканальваюцца і жытлы: паўзямлянкавыя, наземнай слупавой і зрубнай канструкцый. У іх адкрытыя агнішчы ці печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на курганных і бескурганных могільніках.
У VI — IX стст. адбыўся працэс пераходу ад першабьггнаабшчыннага ладу да феадалізму. Пачалі знікаць патрыярхальна-сямейныя пасёлкі-гарадзішчы.
Члены родаў пачалі пакідаць іх, асобнымі сем’ямі сяліліся ў папярэдне аблюбаваных мясцінах, дзе меліся ўмовы для вядзення гаспадаркі. Кроўныя сувязі пачынаюць адыгрываць усё меншае значэнне. Яны саступаюць месца сувязям эканамічным і тэрытарыяльным. У гэты час узмацняецца маёмаснае расслаенне насельніцтва, бо ў кожнай сям’і розныя ўласнасць і плён сваёй працы. Багацце суседа нярэдка не дае спакою нават суродзічу. Гэта з’яўляецца штуршком для ваяўнічых набегаў з мэтай завалодання чужой маёмасцю. Узброеная абарона сваіх інтарэсаў прымушае насельнікаў нашага краю шукаць саюзнікаў. З’яўляецца новая форма грамадскай арганізацыі — саюзы плямён.
Тэрыторыю Гомельшчыны ў VIII — X стст. засялялі славянскія плямёны дрыгавічоў і радзімічаў. У міжрэччы Дзясны і Дняпра, а таксама па Сажы і ягоных прытоках жылі радзімічы. Як мяркуецца, яны прыйшлі сюды з прапольскіх (ляшскіх) зямель на чале з летапісным Радзімам. Але археалагічныя матэрыялы гэтага не пацвярджаюць.
Мясціны паміж рэкамі Прыпяць, Дняпро і Бярэзіна былі пад уладай дрыгавічоў. Такім чынам, Светлагоршчына — гістарычная тэрыторыя дрыгавічоў. Іх назву старажытны летапісец выводзіў ад слова «дрыгва». Сапраўды, дрыгва з’яўлялася характэрнай асаблівасцю тэрыторыі рассялення дрыгавічоў.
Дрыгавічы згадваюцца ў «Аповесці мінулых часоў» — помніку ўсходнеславянскага летапісання, першым агульнарускім летапісным зводзе, складзеным у пачатку XII ст., відаць, манахам Кіева-Пячэрскага манастыра Нестарам на аснове больш ранніх крыніц.
Першае ўпамінанне ў рускіх летапісах аб дрыгавічах не мае дакладнай даты. Таму першым дакладным пісьмовым паведамленнем аб нашых далёкіх прашчурах — дрыгавічах — можна лічыць упамінанне Канстанціна Парфірароднага. Дрыгавічоў ён называе ў ліку славян, якія плацілі даніну кіеўскаму князю. Чарговае летапіснае ўпамінанне аб іх датуецца 1116 г., калі мінскі князь «…Глеб бо бяше воевал дреговичи и Случеск пожог». У апошні раз дрыгавічы названы ў рускіх летапісах у 1149 г.
Яны, дрыгавічы, належалі да плямён, якія былі найбольш развітымі ў сацыяльных адносінах. Займаліся земляробствам, мелі шырокаразвітую жывёлагадоўлю, ведалі ткацкае рамяство, славіліся ганчарамі, кавалямі і ювелірамі, падтрымлівалі гандаль з іншымі плямёнамі і нават далёкімі краінамі. Разам з тым дрыгавічы не былі ваяўнічымі. На гэта ўказваюць знаходкі ў іхніх курганах, на гарадзішчах і селішчах. Экземпляры зброі трапляюцца зусім рэдка.
Дрыгавічы мелі сваё палітычнае аб’яднанне — княжанне. Ягоны цэнтр знаходзіўся ў Тураве (г. п. Тураў Жыткавіцкага р-на). Тэрыторыя сучаснай Светлагоршчыны таксама ўваходзіла ў гэта княжанне.
Археалагічныя помнікі дрыгавічоў — гарадзішчы, селішчы і курганныя могільнікі. У Светлагорскім раёне яны выяўлены каля вёсак Вялікі Бор, Вярхлессе, Давыдаўка, Дражня, Залле, Затон, Здудзічы, Коўчыцы-2, Краснаўка, Ліпнікі, Селішчы і інш., каля рабочага пасёлка Сасновы Бор. Іх абследавалі Н. М. Дубіцкая, А. Г. Калечыц, У. П. Ксянзоў. Амаль усе матэрыялы абследаванняў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Кніга «Памяць» (Светлагорск і Светлагорскі раён), 1-я частка.
Артыкул падрыхтаваў  П. П. Рабянок поводле:
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. Мн.: “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» 1985.
Калечиц Е. Г. Первоначальное заселение территории Белоруссии. Мн., 1988.
Ксензов В. П. Палеолит и мезолит Белорусского Поднепровья. Мн., 1988.
 
Асноўныя археалагічныя помнікі на тэрыторыі Светлагорскага раёна
(звесткі пададзены ў асноўным на час адкрыцця і абследавання)
 
в. Вялікі Бор, Палескі сельсавет
Курганны могільнік. За 1,5 км на поўдзень ад вёскі. 2 курганы дыяметрам 1 і 6 м, вышынёй 1,7 і 0,8 м. Насыпы здзірванелі, добра захаваліся. Выявіла і абследавала ў 1981 г. Н. М. Дубіцкая. Раскопкі не праводзіліся.
 
в. Вярхлессе, Казлоўскі сельсавет
Курганны могільнік. За 1 км на поўнач ад вёскі, ва ўрочышчы Курганне. 46 насыпаў. Большая частка іх пашкоджана. Дыяметр 8 м, вышыня 1,5 м. Адкрыла і абследавала ў 1976 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.
 
В. Давыдаўка, цэнтр сельсавета
Гарадзішча. За 3 км на паўночны ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадзінка. Пляцоўка авальная. Памер 85х35 м. Умацавана валам і ровам. Вышыня вала 1,5 — 2 м, шырыня 10 м, глыбіня рова 1 — 1,5 м, шырыня 3 м. Выявіла і абследавала ў 1981. г. Н. М. Дубіцкая. Раскопкі не праводзіліся.
 
в. Дражня, Краснаўскі сельсавет
Селішча эпохі бронзы і зарубінецкай культуры. За 1,5 км на захад ад вёскі, ва ўрочышчы Ліпавы Бугор, на левым беразе безназоўнага прытока Бярэзіны, на вышыні 3 м над поплавам. Плошча каля 1 га. Выявіў у 1981 г. М. У. Бычкоў, у 1983 г. 244 кв. м раскапала Н. М. Дубіцкая. У культурным пласце таўшчынёй 0,3 — 0,6 м знойдзены матэрыялы некалькіх эпох. Самыя раннія знаходкі эпохі бронзы: абломкі посуду з кропкавым арнаментам, крамянёвыя вырабы (скрабкі, ножападобныя пласціны). Больш за 90 % усіх знаходак складаюць абломкі неглянцаваных керамічных пасудзін 1 ст. н. э., трэць якіх пакрыта штрыхамі, што сведчыць пра знаходжанне паселішча ў зоне кантактаў плямён зарубінецкай і штрыхаванай керамікі культур. Знойдзены фрагменты глянцаваных гаршкоў і рабрыстыя міскі.
 
в. Залле, Давыдаўскі сельсавет
Курганны могільнік. За 1,2 км на паўднёвы захад ад вёскі, у лесе. 26 насыпаў дыяметрам 6-12 м, вышынёй 0,6-2 м. Курганы здзірванелі, каля асноў прасочаны раўкі. У 1981 г. выявіла і абследавала Н. М. Дубіцкая. Раскопкі не праводзіліся.
 
в. Затон, Баравікоўскі сельсавет
Гарадзішча. За 3 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадок, на правым беразе Бярэзіны, сярод забалочанага поплаву, у лесе. Пляцоўка памерам 100х135 м здзірванела, з боку ракі ўмацавана ровам глыбінёй каля 1 м. У 1977 г. выявіў У. П. Ксянзоў, у 1981 г. абследавала Н. М. Дубіцкая. Раскопкі не праводзіліся.
Паселішча. За 1,2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі. Плошча 100х20 м. У 1977 г. адкрыў У. П. Ксянзоў, ён жа абследаваў у 1981 г. На пясчаным пагорку сабраны крамянёвыя нуклеусы, ножападобныя пласціны, прылады працы геаметрычнай формы, ляпная кераміка, што ўпрыгожана адбіткамі грэбеня. Адносіцца да эпохі неаліту.
 
в. Здудзічы, Чыркавіцкі сельсавет
Курган. За 1 км на поўнач ад вёскі. Вышыня 1,5 м, дыяметр 5 м. На вяршыні насыпу — рэшткі ямы, паўднёва-ўсходняя частка кургана разарана. У 1976 г. выявіў і даследаваў У. П. Ксянзоў.
 
в. Каралёва Слабада-1, Краснаўскі сельсавет
Паселішча-1. За 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на 2-ой надпоймавай тэрасе правага берага Бярэзіны (вышыня над узроўнем вады 10 м). У 1977 г. адкрыў і даследаваў У. П. Ксянзоў. Культурны пласт да 0,4 м, часткова разбураны ворывам. У раскопе плошчай 60 кв. м выяўлены рэшткі агнішча чашападобнай формы дыяметрам 0,6 м, глыбінёй 0,3 м. Знойдзены крамянёвыя прылады працы: сярэднія і бакавыя разцы, канцавыя і авальныя скрабкі, вастрыі, укладышы, скоблі, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы, сякеры, нуклеусы.
Паселішча датуецца 8 — 7-ым тысячагоддзямі да н. э., адносіцца да днепра-дзяснінскай культуры.
Паселішча-2. За 250 м на паўднёвы ўсход ад вёскі, на 1-ай надпоймавай тэрасе правага берага Бярэзіны. У 1982 г. адкрыў і даследаваў У. П. Ксянзоў. Памер 100х20 м. Культурны пласт пашкоджаны ворывам. На паверхні сабраны крамянёвыя прылады працы: бакавы разец, канцавы скрабок, праколка, ножападобныя пласціны, адшчэпы, аморфныя нуклеусы.
 
в. Коўчыцы-2, Краснаўскі сельсавет
Курганны могільнік. На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі, ва ўрочышчы Курганне. 228 моцна апоўзлых розных па памерах насыпаў. Вышыня 2 — 1,2 м, максімальная 3 м, дыяметр 4 — 6 м, самы большы 14 м. 14 курганоў пашкоджаны. У 1976 г. адкрыла і абследавала А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.
 
в. Краснаўка, цэнтр сельсавета
Паселішча-1 дненра-дзяснінскай культуры. За 250 м на паўднёвы ўсход ад вёскі, на 1-ай надпоймавай тэрасе правага берага р. Бярэзіны, на 5 м вышэй ўзроўню вады. У 1974 г. выявіў, а ў 1977 г. даследаваў У. П. Ксянзоў. Культурны пласт разбураны ветравой эрозіяй і другасным засяленнем у раннім жалезным веку. У раскопе плошчай 90 м на глыбіні 0,4 м у пласце дробназярністага пяску выяўлена 312 вырабаў з крэменю. Сыравінай для іх служыў сожскі крэйдавы крэмень шэрага колеру. Сярод знаходак наканечнік стралы, скрабкі з пласцін і адшчэпаў, праколка, скоблі, долатападобныя прылады, нуклеусы, адшчэпы, пласціны. Датуецца 6—5-ым тысячагоддзямі да н. э.
Паселішча-2 яніславіцкай культуры. За 100 м на паўночны захад ад вёскі, на 1-ай надпоймавай тэрасе правага берага р. Бярэзіны, на 3 — 4 м вышэй узроўню вады. У 1981 г. выявіў і даследаваў У. П. Ксянзоў. Культурны пласт разбураны ветравой эрозіяй і другасным засяленнем у бронзавым веку. У раскопе плошчай 120 кв. м.на глыбіні 0,1—0,4 м у дробназярністым пяску выяўлены прылады працы, вырабленыя з крэйдавага сожскага крэменю, авальныя скрабкі з адшчэпаў, бакавыя і сярэдзінныя разцы, вастрыі, скоблі, укладышы з пласцін, рэтушоры, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы, нуклеусы. Датуецца 6 — 5-ым тысячагоддзямі да н. э.
Курган. За 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі. Вышыня 1,2 м, дыяметр 10 м. У 1983 г. абследавала Н. М. Дубіцкая.
 
в. Ліпнікі, Казлоўскі сельсавет
Курганны могільнік. За 0,3 км на поўнач ад вёскі, у лесе. 16 насыпаў дыяметрам 6—12 м, вышынёй 0,8 — 2 м. У 1981 г. выявіла і абследавала Н. М. Дубіцкая. Насыпы здзірванелі, каля іх асноў прасочаны раўкі. Раскопкі не праводзіліся.
 
в. Міхайлаўка, Казлоўскі сельсавет
Паселішча (стаянка эпохі мезаліту). Размешчана за 250 м на паўднёвы ўсход ад вёскі, на мысе 2-ой надпоймавай тэрасы правага берага р. Бярэзіна. У 1977 г. выявіў і даследаваў У. П. Ксянзоў. Плошча раскопу 200 м Культурны пласт 0,25 — 0,35 м. Знойдзены вырабы з сожскага крэйдавага крэменю: постсвідэрскія і сіметрычныя наканечнікі стрэл, канцавыя скрабкі, разцы, праколкі, скоблі, пласціны-ўкладышы, трапецыі, долатападобныя прылады, нуклеусы, рэтушоры, рэтушаваныя адшчэпы і пласціны.
Помнік адносіцца да днепра-дзяснінскай культуры.
 
в. Новая Беліца, Казлоўскі сельсавет
Паселішча. За 100 м ад жывёлагадоўчай фермы, на першай надпоймавай тэрасе правага берага р. Бярэзіна. Плошча 2800 кв. м. У 1977 г. выявіў і даследаваў У. П. Ксянзоў. У культурным пласце 0,1 м сабраны рэшткі ляпной керамікі, крамянёвыя нуклеусы, скрабкі, трохвугольны наканечнік стралы, пласціны, адшчэпы. Адносіцца да эпохі неаліту, датуецца 4-ым — 2-ім тысячагоддзямі да н. э.
 
г. п. Парычы, цэнтр пасялковага Савета
Паселішча. За 0,5 км на паўднёвы захад ад пасёлка, на першай надпоймавай тэрасе правага берага р. Бярэзіна. У 1982 г. выявіў і абследаваў У. П. Ксянзоў. У агаленнях знойдзены крамянёвыя скрабкі, разцы, скоблі, пласціны і адшчэпы з рэтушшу і без яе, рэшткі ляпнога посуду. Культурны пласт 0,15 м. Адносіцца да эпохі неаліту, датуецца 5-ым — 3-ім тысячагоддзямі да н. э. Раскопкі не праводзіліся.
 
в. Прудок, Казлоўскі сельсавет
Селішча. За 2,5 км на ўсход ад вёскі, каля старыцы правага берага р. Бярэзіна. У 1976 г. адкрыў У. П. Ксянзоў. У агаленні — культурны пласт 0,4—0,5 м. У ім знойдзены фрагменты ляпной керамікі і косці жывёл, а таксама крамянёвыя прылады працы. У 1982 г. на плошчы 144 кв. м. даследавала Н. М. Дубіцкая. Помнік датуецца 2-ой паловай 1-га тысячагоддзя да н. э. — пачаткам 2-га тысячагоддзя н. э.
 
р. п. Сасновы Бор, цэнтр пасялковага Савета
Гарадзішча. За 1,5 км на поўдзень ад пасёлка (0,8 км на поўдзень ад моста цераз р. Жардзянка), у лесе. Пляцоўка авальная, памерам 100х75 м, умацавана валам вышынёй 1,5 м, шырынёй 10 м, які ў паўднёва заходняй частцы знівеліраваны. У 1983 г. абследавала Н. М. Дубіцкая. Раскопкі не праводзіліся.
 
в. Селішчы, Баравікоўскі сельсавет
Курганны могільнік. За 1,5 км на паўночны захад ад вёскі, у лесе. 67 насыпаў сярэдняй вышынёй 1,5 м, дыяметрам 6-8 м. Курганы (за выключэннем 3) добра захаваліся. Вядомы на апытальных лістах 1924 г. У 1976 г. абследавала А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.
 
в. Славань, Асташкавіцкі сельсавет
Курганны могільнік. За 2 км на захад ад вёскі, на ўрочышчы Гуслішча. 22 насыпы дыяметрам 6 —13 м, вышынёй 0,4-1,5 м, пашкоджаны скарбашукальнікамі. У 1981 г. выявіла і абследавала Н. М. Дубіцкая. Раскопкі не праводзіліся.
 
в. Якімава Слабада, Баравікоўскі сельсавет
Паселішча-1. За 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на правым беразе Бярэзіны, у заходняй частцы астанца першай надпоймавай тэрасы, абмежаванага з трох бакоў балотам, з усходу — рэчышчам ракі. Плошча 500 кв. м. У 1977 г. адкрыў У. П. Ксянзоў. У агаленні выразна прасочваецца культурны пласт 0,25 м, у якім знойдзены крамянёвыя вырабы (нуклеусы, 2 скрабкі, абломак наканечніка трохвугольнай формы, 22 адшчэпы, пласціны, нуклеусападобныя кавалкі крэменю) і дробныя кавалкі ляпной керамікі. Адносіцца да эпохі неаліту, датуецца 4-ым — 2-ім тысячагоддзямі да н. э. Раскопкі не праводзіліся.
Паселішча-2. За 1 км на ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Бярэзіна, у паўночнай частцы астанца. Плошча 200 кв. м. У 1977 г. адкрыў і абследаваў У. П. Ксянзоў. Культурны пласт 0,1 м прасочаны ў агаленнях. Знойдзены рэшткі ляпной керамікі з адбіткамі грэбеня, крамянёвыя нуклеус, мікрапласцінка, 20 адшчэпаў, 2 ножападобныя пласціны і інш. Адносіцца да эпохі неаліту, датуецца 4-ым — 2-ім тысячагоддзямі да н. э. Раскопкі не праводзіліся.
Кніга «Памяць» (Светлагорск і Светлагорскі раён), 1-я частка.
Артыкул падрыхтаваў  П. П. Рабянок поводле:
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн.: БелСЭ, 1993.
Дубіцкая Н. М. Тэхналагічныя прыёмы вытворчасці посуду на зарубінецкім паселішчы Дражня ў верхнім Падняпроўі // Весці АН БССР. 1988. №2
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. Мн.: БелСЭ, 1985. С. 337 — 355.
Ксензов В. П. Раннемезолитические поселения Михайловка и Королева Слобода на р. Березине. // Древности Белоруссии и Литвы. Мн., 1982.

comments powered by HyperComments

Теги: археология, Великий Бор, Верхлесье, Давыдовка, Дражня, Залье, Затон, Здудичи, Кавчицы, Каралева Слобода, Красновка, Липники, Липовый Бугор, Михайловка, Новая Белица, Памяць, Паричи, Прудок, Расова, Селищи, Славань, Сосновый Бор, Якимова Слобода

На Светлагоршчыне першыя людзі пасяліліся ў сярэдзіне каменнага веку
Оцените статью

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля