Бясплатныя курсы беларускай мовы адкрываюцца ў Светлагорску! Першы занятак — 29 красавіка

Курсы беларускай мовы «Мова Нанова» ужо ў Светлагорску! Калі яшчэ дадаць, што яны бясплатныя, для ўсіх узростаў ды праходзяць вечарам – чым не нагода завітаць туды. Рэдакцыя HoradS.by наведала пакуль што “канспіратыўную” кватэру-офіс каманды, каб паразмаўляць з камандай “Мова Нанова – Светлагорск”. Каманда складаецца толькі з трох чалавек – гэта Дзяніс, Алена і Аляксандра, і ўжо чатыры валанцёры. 

Каманда "Мова Нанова - Светлагорск"

— Каму ў  галаву прыйшла ідэя з курсамі беларускай мовы?

Алена: Яшчэ калі мы былі на курсах “сацыяльнага мэнэджмэнту”, мы тады ўжо хацелі стварыць беларускамоўную пляцоўку. А прыезд Глеба Лабадзенкі да нас дадаў новы імпульс і новы праект.

— Ёсць запатрабаванасць у грамадстве вывучаць мову?

Каманда "Мова Нанова - Светлагорск"Дзяніс: Тут хлусіць мы не будзем і скажам сумленна, што працэнт гэты не вялікі. Але, праводзячы сацыяльныя назіранні, мы заўважылі, што ёсць тут людзі, каму гэта будзе як карысна і цікава. Некаторыя нашы жыхары з’язджаюць у Мінск, Гомель, Бабруйск і другія гарады на канцэрты, курсы і іншыя імпрэзы. Мы прапаноўваем гэта ў нас – у Светлагорску. Яшчэ мы выступаем як бясплатныя рэпетытары – чым не нагода тым жа абітурыентам прыйсці да нас?

— Вашыя заняткі будуць нагадваць школьныя ўрокі ці ўніверсітэцкія лекцыі?

Аляксандр: І не тое і не другое. Навошта паўтараць тое, што ўжо ёсць! Нашы курсы – гэта не акадэмічнае вывучэнне мовы. Гэта сінтэз паміж адукацыяй і шоў. Фішкай курсаў можа стаць тое, што выступоўцамі на іх могуць быць нашы жыхары гораду і раёну.

— Гэта будзе забаўляльны працэс?

Алесь: У некаторым сэнсе так. Але ў слова “шоў” мы ўкладаем выступ запрошаных гасцей, гульні, музыкаў, спевы, танцы і іншыя забавы (усміхаецца).

 Каманда "Мова Нанова - Светлагорск"

Калі і дзе адбудзецца адкрыццё курсаў?

Дзяніс: 29 красавіка ў карціннай галерэі “Традыцыя” (м-н Першамайскі, 65) а 18:30 адбудзецца адкрыццё нашай філіі. Запрашаем ўсіх!

Ці будуць на вашым адкрыцці госці?

Дзяніс: Не сакрэт. Дапамагаць праводзіць першы занятак будуць самі стваральнікі курсаў “Мова Нанова” Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская, а на дэсерт – мастак, музыка, лідар гурта «Recha» – Андрусь Такінданг.

Каманда "Мова Нанова - Светлагорск"

Вось спасылкі на суполкі “Мова Нанова – Светлагорск” ў VK і Fb

comments powered by HyperComments